ПАРТЫ́ЙНЫЯ ШКО́ЛЫ ў СССР,
вышэйшыя навучальныя ўстановы Камуністычнай партыі Савецкага Саюза па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кіруючых парт. і сав. работнікаў. Бяруць пачатак ад парт. школы ў Ланжумо (каля Парыжа), што дзейнічала ў 1911. Пасля Кастр. рэвалюцыі 19.17 у Расіі і інш. сав. рэспубліках ствараліся розныя школы парт.-сав. вучобы. У 1918 — пач. 1930-х г. асн. формай парт. ВНУ былі камуніст. ун-ты (45 у 1931, у т. л. Камуніст. ун-т Беларусі), сярод якіх вядучае становішча займаў Камуніст. ун-т імя Я.М.Свярдлова ў Маскве (1919—32), пазней — вышэйшыя парт. школы (ВПШ) пры ЦК КПСС, ЦК кампартый саюзных рэспублік, крайкомах і абкомах партыі. З 1978 гал. парт. ВНУ і навук.-метадалагічным цэнтрам усёй сістэмы парт. адукацыі была Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК КПСС, створаная на базе аднайм. акадэміі (1946—78) і Вышэйшай парт. школы (1939—78) пры ЦК КПСС. У 1980-я г. ў СССР дзейнічалі 15 рэсп. і міжабл. ВПШ (у т. л. Мінская вышэйшая партыйная школа) з тэрмінам навучання 2 гады для асоб з вышэйшай адукацыяй і 3 гады для асоб з сярэдняй адукацыяй (адпаведна 3 і 5 гадоў пры завочным навучанні). У 1991 адбываўся працэс трансфармацыі рэсп. ВПШ у парт. ін-ты паліталогіі і сац. кіравання, якія ў тым жа годзе спынілі існаванне ў сувязі з распадам СССР і роспускам КПСС.
т. 12, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)